Святлана Цмугунова ў ліку пераможцаў рэспубліканскага літаратурнага конкурсу

Падчас святкавання ХХХІ Дня беларускага пісьменства старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч на пляцоўцы Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага «Зямля любові нашай — Берасцейшчына» ўручыў узнагароды пераможцам рэспубліканскага літаратурнага конкурсу імя Яўгеніі Янішчыц «Жывём, як светлай памяці зарок» на лепшы паэтычны зборнік.
У якасці арганізатараў конкурсу выступілі Брэсцкае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага пры падтрымцы Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама. На конкурс паступіла 47 заявак з розных куточкаў краіны. Усе кнігі пераможцаў і фіналістаў конкурсу ўжо папоўнілі фонды Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Горкага.
У ліку пераможцаў конкурсу і наша мясцовая паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Святлана Цмугунова. Святлана Алегаўна ўзнагароджана Дыпломам трэцяй ступені за зборнік паэзіі «Жыві, Радзімы родны кут».
— Прыемна, што зборнік маіх вершаў адзначаны высокай узнагародай, — дзеліцца ўражаннямі дрыбінчанка. — Гэта была першая надрукаваная ўласная кніга, першыя беларускія вершы. Аформлена з нацыянальным каларытам. Вельмі рада, што цяпер з ёй могуць пазнаёміцца і ў Брэсцкай бібліятэцы.
У зборнік ўвайшло больш за сотню вершаў паэтэсы, напісаных на працягу 2015-2017 гадоў: прысвечаныя роднай прыродзе, патрыятычнага і філасофскага кірунку.
Многія з тых, хто цікавіцца паэзіяй, добра ведаюць адметны творчы почырк Святланы Цмугуновай. Яе творы напоўнены любоўю да роднай зямлі, яна часта піша пра тое важнае, адвечнае, тое, што хвалюе кожнага з нас.
— Мяне, напрыклад, вельмі натхняе прыгажосць роднай прыроды, шмат яе апісання сустракаецца ў маіх ранніх вершах, — кажа гераіня матэрыялу. — Я імкнуся перадаць свае пачуцці менавіта паэтычным словам, раскрываючы яе хараство і непаўторнасць праз выкарыстанне мастацкіх сродкаў. Мастацтва, як вобразнае асэнсаванне рэчаіснасці, мне наогул блізкае і зразумелае.
Святлана Алегаўна — аўтар пяці творчых зборнікаў, два з іх паэтычныя, у адзін увайшлі вершаваныя апавяданні, яшчэ два — гэта кнігі, напісаныя для дзяцей. Менавіта для дзіцячай аўдыторыі таленавітая дрыбінчанка піша апошнім часам. Аддае перавагу беларускай мове, бо ўпэўнена, што беларускі пісьменнік павінен валодаць роднай мовай, шанаваць яе і папулярызаваць ў сваіх творах.
Мы віншуем Святлану Цмугунова з прыемнай і заслужанай узнагародай і жадаем надалей плённай творчай дзейнасці і новых высокіх дасягненняў.
Ірына ЦЯЦЕРЫНА
Фота Ігара АДЫЛОВА