Темы

Карункі беларускай душы. Адмысловы від традыцыйнага мастацтва — выцінанка

Карункі беларускай душы. Адмысловы від традыцыйнага мастацтва — выцінанка

Зіма, бадай, ці не самы найлепшы час пагаварыць пра такі адметны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як выцінанка. У чаканні любімых навагодніх свят многія з нас па традыцыі ўпрыгожваюць шыбы вокнаў папяровымі белымі сняжынкамі, крапатлівы працэс выразання якіх здольны захапіць аднолькава і дзяцей, і дарослых. Хто не ведае, гэта і ёсць адзін з найпрасцейшых відаў выцінанкі. Але нагода для напісання матэрыялу насамрэч значна больш грунтоўная. Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў ходзе 19-й сесіі (г.Асунсьён, Парагвай) 4 снежня прыняў рашэнне аб уключэнні элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Выцінанка — традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі» ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Выцінанка — адзін  са старажытных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які ўзнік у Кітаі дзякуючы вынаходніцтву паперы і з цягам часу распаўсюдзіўся ў іншых краінах свету. Мастацтва выразання карункавых узораў на тэрыторыі Беларусі атрымала папулярнасць у канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў як спосаб аздаблення інтэр’ера традыцыйнага жылля. Існуе меркаванне, што самая першая «выцінанка» на землях Вялікага Княства Літоўскага, а затым Рэчы Паспалітай была папяровая кустодыя (упрыгожванне для аховы васковых і сургучных пячатак на дакументах). Часцей за ўсё гэта былі гербавыя выявы магнацкага роду, якія клалі да граматы пад сургучную ці васковую пячатку. Калі пячатку ўскрывалі, то і карункавая выразка з паперы рвалася.

Паступова папера стала даступнай у народным асяродку, з яе пачалі выразаць фіранкі, сурвэткі, карункі для дэкору. Выцінанкай аздаблялі ў хаце абразы, вокны, мэблю, сцены. Узоры для выцінанак часта браліся з ткацтва, вышыўкі, керамікі, разьбы і неслі сімвалічны сэнс. Выцінанка заўсёды была не толькі дэкаратыўным элементам, але і сродкам перадачы традыцый. У многіх рэгіёнах Беларусі майстэрства перадавалася ад маці да дачкі, ад бабулі да ўнучкі. Кожны ўзор выцінанкі меў сваё значэнне і мог расказаць гісторыю сям’і ці нават усяго роду. За час існавання гэты від мастацтва перажываў цікавасць розных слаёў насельніцтва і шырокае распаўсюджванне, а таксама заняпад і амаль поўнае забыццё.

Асаблівую папулярнасць выцінанка набыла ў пасляваенны перыяд, таму што папера была даступным матэрыялам для стварэння хатняга дэкору, якога ў гэты няпросты час асабліва не хапала.

У 80-я гады ХХ ст. творча працаваць над адраджэннем выцінанкі пачалі прафесійныя мастакі.

Сучасная беларуская выцінанка стала адным з распаўсюджаных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яна адрозніваецца разнастайнай тэматыкай, тэхнікай выканання, дызайнерскімі рашэннямі, але заўсёды арыентуецца на народныя традыцыйныя матывы.

Рамяство, якое зарадзілася яшчэ ў XVI стагоддзі, сёння набывае другое дыханне. Вытанчанае і шырока прызнанае як элемент беларускай культуры, мастацтва выцінанкі актыўна выкарыстоўваецца ў вонкавым і ўнутраным афармленні прыватных дамоў і грамадскіх месцаў, такіх як офісы, рэстараны, культурныя ўстановы, тэатральныя дэкарацыі. Яно таксама з’яўляецца неад’емнай часткай традыцыйных свят.

Выцінанка становіцца ўсё больш крэатыўнай, а яе прыгожыя арнаменты пераносяцца на тканіну і выкарыстоўваюцца як элемент адзення. Сучасная выцінанка ахоплівае мноства тэм, якія адлюстроўваюць беларускі вобраз жыцця: любаванне прыродай, беларуская гісторыя, міфалогія, звычаі і вераванні, сельскі і гарадскі побыт. Гэта адна з эстэтычных асноў беларускага менталітэту і культуры.

Ёсць меркаванне, што выцінанка як від мастацтва не вельмі распаўсюджаны на Магілёўшчыне. Насамрэч у нашым рэгіёне таксама досыць шмат майстроў гэтага далікатнага рамяства. Яшчэ ў 2021 годзе элементу «Беларускае мастацтва выцінанкі» на тэрыторыі Магілёўскай вобласці (гг.Бабруйск, Горкі, Крычаў, Магілёў) быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. 

Вучні Дрыбінскай дзіцячай школы мастацтваў, якія развіваюць тут свае мастацкія здольнасці, пра выцінанку ведаюць з гісторыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, адзначае педагог ўстановы Наталля Сярбаева. І хоць асобных заняткаў па гэтай тэме праграмай навучання не прадугледжана, дзеці ахвотна, маючы вольную хвілінку, бяруць нажніцы і паперу і пачынаюць майстраваць. Навучыцца выразаць прыгожыя сняжынкі альбо цэлыя святочныя кампазіцыі — таксама від творчай дзейнасці, які садзейнічае захаванню навыкаў народнага рамяства, развівае фантазію. «Даступнасць матэрыялу, лёгкасць яго апрацоўкі, шырокія творчыя магчымасці выцінанак — немалаважныя ўмовы для работы з дзецьмі, якія ахвотна фантазіруюць з аркушам паперы і нажніцамі», — трапна прыкмеціў беларускі мастацтвазнаўца і этнолаг Яўген Сахута.

Між іншым, зараз самы час заняцца творчай справай, зусім хутка Новы год. Калі вы яшчэ не падрыхтавалі дзесятак-другі сняжынак, то ўжо можна смела пачынаць, адразу з’явіцца святочны настрой —праверана на сабе.

Ірына ЦЯЦЕРЫНА

Последние новости

Акции

Акция по сбору монет в Дрибине продолжается

1 апреля 2025
Читать новость
Общество

Общественная приемная профсоюзов будет работать по новому графику

1 апреля 2025
Читать новость
Общество

В Дрибине прошел семинар-практикум по вопросам документального оформления хозяйственных операций в животноводстве

1 апреля 2025
Читать новость
Президент

Александр Лукашенко утвердил приоритеты научной, научно-технической и инновационной деятельности на 2026-2030 годы

1 апреля 2025
Читать новость
Общество

В Беларуси стартовал прием заявок для участия в конкурсе “Предприниматель года”

1 апреля 2025
Читать новость
Общество

Продажи билетов на “Славянский базар в Витебске” стартуют 2 апреля

1 апреля 2025
Читать новость

Рекомендуем