Лапці — унікальны абутак Дрыбіншчыны

Дрыбіншчына шырока вядомая не толькі як радзіма шапавальства, але і сваёй наяўнасцю ўнікальнай, старажытнай тэхналогіі пляцення лыкавых лапцей, якой у лістападзе 2011 года быў нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Сёння дрыбінскія лапці набываюць і замежныя турысты для ўпрыгожвання інтэр’еру, і беларусы — для напаўненння ладу нацыянальнага калектыву, здымкі фільмаў у беларускіх кінастудыях.
Кожны год, 22 лютага, беларусы адзначаюць Лапцеў дзень. Па народным календары — гэта дзень Нікіфара и Панкрація. Менавіта тады прыступалі да пляцення лёгкага і зручнага абутку — лапцей, у якім беларускі народ хадзіў круглы год. У гэты час была папулярна народная прыказка: «Не ўсялякі Панкрат хлебам багат, але наш Панкрат лапцямі багат».
Лапці — адзін з самых старажытных відаў абутку. Сёння лапці — гэта гістарычны артэфакт. Увогуле сам працэс пляцення лапцей — сапраўднае майстэрства, якое ў наш час — на кошт золата. Людзей сталага ўзросту, якіх з дзяцінства бацькі вучылі плесці лапці, не засталося ў жывых.
На шчасце, у нашай краіне жывуць неверагодныя, працавітыя ўмельцы, якія шмат гадоў таму назад пачалі пераймаць розныя традыцыйныя тэхнікі лапцепляцення ў старэйшага пакалення і вучыцца ў бабуль-майстрых народнаму рамяству. Дрыбіншчына — не выключэнне.
У сяброўскім творчым калектыве Дома рамёстваў у аграгарадку Кароўчына працуюць жанчыны, якія ўносяць неймаверны ўклад у культурную спадчыну нашага раёна. Немагчыма ўявіць, што людзі, якія знайшлі сваё натхненне і прызначэнне ў гэтай цікавай, але часам цяжкай працы, калісьці мелі іншыя прафесіі.
Па словах загадчыцы ўстановы Таццяны Уладзіміраўны Сіроцінай, лапцепляценне — гэта сыходзячае, старажытнае, унікальнае і рэдкае рамяство: “На сённяшні дзень мы вельмі ганарымся тым, што своечасова паспелі пераняць ад старэйшага пакалення, адзіных носьбітаў, тэхналогію пляцення лыкавых лапцей: вучыліся ў Надзеі Кірылавай, Ефрасінні Збродавай, Ніны Кананковай. Увогуле на Дрыбіншчыне найбольш распаўсюджанымі былі лыкавыя лапці, якія лічыліся самымі трывалымі і мяккамі. Даволі цяжкім быў працэс загатоўкі матэрыялаў для лапцей: у чэрвені і ліпені рыхтавалі лыка (ўнутраную частку кары дрэва). Луб раскочвалі на палосы, скручвалі ў рулоны і сушылі. А перад тым, як сплесці лапці, яго кіпяцілі, каб матэрыял стаў больш згодлівым і мяккім.
Дрыбінскія лапці з адтулінамі, так званымі вочкамі, яшчэ называюць зрачымі. Адметнай асаблівасцю гэтых лапцей быў кароткі, з адкрытым верхам носік. Здаўна лапцепляценне лічылася выключна мужчынскім заняткам, але цяпер ім займаюцца жанчыны, дзеля таго каб захаваць і працягнуць яго”.
Кожны дзень супрацоўніцы ўстановы аберагаюць, шануюць і ўдакладняюць старажытную тэхналогію, праводзяць майстар-класы па пляценні лапцей для дзяцей і дарослых. Таксама яны перадаюць свае веды выхаванцам дзіцячага ўзорнага гуртка «Лапаточак», дзе дзеці засвойваюць тэхналогію лапцепляцення нашых продкаў. У выставачнай зале ўстановы дзейнічае пастаянная выстава работ майстроў і навучэнцаў «Лапці — абутак нашых продкаў».
Дрыбінскія лапці экспануюцца на шматлікіх выставах і фестывалях, а іх стваральніцы не толькі захоўваюць, але і ўзбагачаюць культурную спадчыну краіны.
У старажытнасці лапці мелі не толькі практычнае, але і абрадавае значэнне. Іх надзялялі магічнымі ўласцівасцямі, асабліва калі справа датычылася старога, зношанага абутку. Зношаныя лапці трэба было класці на дах, так яны абаранялі хату ад няпрошаных гасцей, якія маглі несці людзям розныя беды і хваробы. Лапці, якія вырабляліся крыж-накрыж, зачынялі каналы з «iншасветам» і доступ злым сілам да чалавека. Старыя, зношаныя лапці вывешвалі на агародах, каб павялічыць ураджай, іх падкладалі да гняздаў курэй, каб тыя неслі больш яек. На вясельны вазок, у якім ехала нявеста да вянка, яе сяброўкі кідалі па старым лапатку ў надзеі, што гэты лапаток выцягне іх са статусу дзевак і паскорыць замужжа. Калі ў дзяўчыны часта развязваліся лапці, гэта было сімвалам таго, што яе «ўздыхальнік» думае пра яе і сумуе. У новую хату, пасля запушчанага туды ката, зацягвалі стары лапаць: лічылася, менавіта ў ім дамавік пераязджае на новае месца жыхарства. Маленькім дзецям давалі гуляць з лапачачкамі: у іх малыя складалі каменьчыкі і вазілі за вяровачку.
Лапці з’яўляюцца не толькі даволі рэдкім элементам абутку, але і сведчаннем багатай гісторыі і культурнай спадчыны Беларусі. Іх прастата і функцыянальнасць прыцягваюць увагу людзей, што падкрэслівае ўнікальнасць і вечнасць гэтага старажытнага абутку.
Ганна ПРУДНІКАВА