«Нікольск: мой лёс, мая спадчына». Наш зямляк Міхаіл Анікееў прысвяціў роднай вёсцы асобнае выданне

Вёскі, вёсачкі… Маланаселеныя, аддаленыя, нярэдка прыхаваныя ў засені старых дрэў і яшчэ досыць гаманкія, ажыўленыя і бойкія, быццам тыя людзі, кожная са сваім непаўторным лёсам і характарам… Колькі іх параскідана на нашай беларускай зямлі. На жаль, многім з іх у хуткім часе наканавана беззваротна знікнуць, іншых ужо цяжка альбо нават немагчыма знайсці на карце, але ёсць і такія, што ўвачавідкі прыгажэюць, маладзеюць, як толькі надыходзіць вясна. Яны заўсёды будуць з’яўляцца крыніцай натхнення для людзей, якія тут нарадзіліся, выраслі і шчыра ўдзячны сваёй роднай зямлі за пяшчоту, бацькоўскае цяпло і першую жыццёвую навуку.
У ліку такіх людзей і наш славуты зямляк, ураджэнец вёскі Нікольск Міхаіл Анікееў. Міхаіл Міхайлавіч, лёс якого звязаў з суседнім Горацкім раёнам, ніколі не губляў сувязі з родным куточкам, любоў і павагу да яго нясе ў сэрцы праз усё жыццё. Многа год ён выношваў ідэю прысвяціць сваёй малой радзіме асобнае друкаванае выданне, і вось літаральна ў мінулым годзе творчыя памкненні пасля грунтоўнай, крапатлівай працы ўдалося рэалізаваць — у свет выйшла кніга Міхаіла Анікеева «Нікольск: мой лёс, мая спадчына».
Міхаіла Міхайлавіча добра ведаюць на Дрыбіншчыне. Сёлета ў маі ён адзначыць прыгожы 75-гадовы юбілей. Кандыдат сельскагаспадарчых навук, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, у мінулым дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, а затым і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Камісіі па правах чалавека і сродкаў масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Міхаіл Анікееў у свой час займаў розныя адказныя пасады, у тым ліку быў дырэктарам саўгаса «Горацкі», узначальваў кафедру раслінаводства БДСГА, сем год з’яўляўся старшынёй Горацкага райвыканкама. Але дзе б ні знаходзіўся, якой бы дзейнасцю ні займаўся, ніколі не забываў пра свае родныя вытокі і сваіх землякоў, знаходзіў час і магчымасць прыехаць дадому.
— Лічу, што мне пашанцавала нара-дзіцца ў цудоўнай вёсцы Нікольск, — кажа Міхаіл Міхайлавіч. — Тут я жыў, пакуль была жывая мая маці. Нялёгкім выдалася пасляваеннае дзяцінства, а ў нашай сям’і было шасцёра дзяцей, і з вялікай удзячнасцю я прыгадваю сваіх аднавяскоўцаў, працавітых і спагадлівых людзей, што дапамагамі мне стаць на ногі, здаралася нават, дзяліліся апошнім кавалкам хлеба і, што асабліва важна, паверылі ў мяне. Мая працоўная біяграфія пачалася яшчэ да арміі на ферме ў саўгасе «Дрыбінскі», пазней быў прызначаны брыгадзірам комплекснай брыгады «Нікольск» у гэтай жа гаспадарцы і адначасова атрымліваў адукацыю ў Жылічскім саўгастэхнікуме. Самыя цёплыя ўспаміны засталіся з тых часоў. Шчыра прызнаюся, пакідаць родныя мясціны ў сувязі з пераводам на новую пасаду — галоўнага агранома саўгаса «Копцеўскі» — было цяжка і крыху сумна.
Гэтае выданне я прысвячаю ў першую чаргу сваім аднавяскоўцам — усім тым, хто сваёй руплівай працай ствараў дабрабыт нашай зямлі, ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, хто шчыра перажываў за лёс роднай вёскі.
Выданне «Нікольск: мой лёс, мая спадчына» мае некалькі тэтамычных раздзелаў. Напачатку аўтар і складальнік гэтага зборніка Міхаіл Анікееў запрашае чытачоў у гістарычнае падарожжа, у аснову якога ляглі як дакументальныя сведчанні, так і легенды, паданні, пераказы. Пачынае з паходжання назвы вёскі, так, цікава даведацца, што напачатку населены пункт называўся Алейнікава — ад імя памешчыка Алейнікава, які валодаў гэтымі землямі. Прыгадвае і імператрыцу Кацярыну ІІ, якая быццам тут праязджала і захаплялася мясцовымі краявідамі…
Гістарычнае «падарожжа» насычана шматлікімі звесткамі, на працягу ўсягу «шляху», што праходзіць праз рубяжы вякоў, станаўленне савецкай улады, калектывізацыю, ваенны час — у гады ваеннага ліхалецця вёска Нікольск апынулася на самай лініі фронту, якая заставалася нязменнай на працягу дзевяці месяцаў, — пасляваенны перыяд і амаль да сённяшняга дня, чытачу сумаваць не давядзецца. Шмат інфармацыі для роздуму і асэнсавання.
У аснову ж кнігі, багата ілюстраванай старымі фотаздымкамі, пакладзены ўспаміны ўраджэнцаў і жыхароў вёскі, замалёўкі пра тутэйшых людзей, іх лёс, працоўныя дасягненні і ратныя подзвігі, грамадскую дзейнасць, паўсядзённыя клопаты і радасці. У асобным раздзеле «Па старонках газет» у храналагічным парадку, пачынаючы з 26 чэрвеня 1938 года, размешчаны матэрыялы на актуальныя адпаведна часу тэмы. Так, сёння можна толькі здагадвацца, з якім болем і адначасова гонарам вяскоўцы ў далёкім 1946 годзе чыталі наступныя радкі: «… Праведзены вялікія аднаўленчыя работы ў калгасе “Чырвоная горка” Кледнявіцкага сельсавета, дзе да вайны налічвалася 190 хат. Пасля нямецкай акупацыі засталося толькі 50. Ужо пабудаваны 80 хат, падрыхтавана зрубаў 36…»
Нельга не падкрэсліць, што з вялікай павагай прыгадваюць аднавяскоўцы і аўтара кнігі. Напрыклад, Любоў Жачкіна, успаміны якой змешчаны ў выданні, вяртаючыся ў гады маладосці, з настальгіяй расказвае: «Часто по вечерам мы устраивали посиделки на бревнах, подготовленных для строительства. Чаще всего собирались на улице Бор… Заводилой нашим был Михаил Аникеев. Мы его даже иногда в шутку атаманом звали. Он выделялся своим умением рассказывать о том, что он прочел в книгах. Здраво рассуждал о том, как вести хозяйство, сам-то он им стал заниматься с четвертого класса. Причем он был весельчаком, хорошим другом».
Чытаючы матэрыялы зборніка, нельга не заўважыць, што вялікая ўвага надаецца дэталям — у апісанні людзей, падзей, гітарычных звестках. Дзякуючы ім можна адчуць асаблівую атмасферу вясковага жыцця мінулых год — і трагічных, і слаўных, на якія прыпаў час росквіту жыццёвых сіл вёскі Нікольск.
Бадай, менавіта гэты перыяд аўтар кнігі прыгадвае з асаблівай цеплынёй і замілаваннем. Калі тут жыло некалькі соцен чалавек, было шмат моладзі. Калі амаль у кожным двары трымалі вялікую гаспадарку, але, нягледзячы на цяжкую працу на зямлі, усе разам весела адзначалі святы і вельмі часта над вёскай гучалі песні і пералівы гармоніка…
На шчасце, вёска яшчэ жыве, хоць колькасць двароў паступава і змяншаецца. У цяперашні час населены пункт налічвае каля сотні жыхароў, працуе магазін, побач — буйны жывёлагадоўчы комплекс. І гэта таксама радуе аўтара, які і сёння прыязджае ў Нікольск наведаць родную сястру і бацькоўскі куточак.
Міхаіл Анікееў выказвае шчырую па-дзяку за дапамогу ў выданні кнігі члену Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаілу Уласенку, Уладзіміру Ліўшыцу, супрацоўнікам Дрыбінскага і Горацкага гісторыка-этнаграфічных музеяў, усім, хто падзяліўся сваімі ўспамінамі.
Выданне будзе цікава пагартаць і пачытаць не толькі землякам Міхаіла Міхайлавіча, але і ўсім тым, хто ўвогуле цікавіцца гісторыяй беларускай зямлі, хто таксама моцна прывязаны душою да родных мясцін, чыя карані пачынаюцца з ціхай і ўтульнай вясковай сядзібы… А такіх насамрэч сярод нас вельмі шмат.
Ірына ЦЯЦЕРЫНА