Сакрэт прафесійнага даўгалецця Валянціны Краўцовай
21 лютага штогод ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Свята, заснаванае амаль чвэрць стагоддзя таму назад, мае пад сабой мэту падтрымаць моўную і культурную разнастайнасць народаў, што насяляюць нашу планету. Але, на шчасце, многім людзям не патрэбна асобная нагода накшталт даты ў календары, каб любіць і шанаваць сваю мову, ганарыцца і карыстацца ёю ў паўсядзённым жыцці. Менавіта дзякуючы ім гэта адметная нацыянальная каштоўнасць жыве і перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Сярод тых, хто справай свайго жыцця выбраў вывучэнне, захаванне і папулярызацыю роднай беларускай мовы, — настаўніца Чэрнеўскай сярэдняй школы Валянціна Краўцова.
Літаральна з першых хвілін размовы Валянціна Уладзіміраўна робіць прыемнае ўражанне чалавека пазітыўнага, таварыскага, адкрытага. Яе вочы, здаецца, выпраменьваюць святло мудрасці і адначасова зіхацяць бляскам юнацкага запалу — нават цяжка паверыць у тое, што за плячыма маёй суразмоўцы амаль сорак год педагагічнага стажу. У Чэрнеўскай школе настаўніца выкладае з 1985 года, прыехала сюды па размеркаванні маладым спецыялістам пасля заканчэння Магілёўскага педагагічнага інстытута, так і засталася ў гэтай ціхай і маляўнічай мясцовасці, каб раскрываць перад вучнямі хараство роднага слова і далучаць да лепшых творчых здабыткаў беларускай літаратуры. У працоўнай кніжцы Валянціны Краўцовай только адзін запіс аб прыёме на працу. За чатыры дзесяцігоддзі многае змянілася ў раёне, у школе, увогуле ў краіне, ды і сама педагагічная навука не стаіць на месцы. Нязменным засталося толькі адно — бязмежная любоў гераіні матэрыялу да дзяцей і да справы, якой яна займаецца. У гэтым і хаваецца сакрэт прафесійнага даўгалецця.
— На выбар спецыяльнасці мяне ў свой час натхніла мая настаўніца беларускай мовы і літаратуры, і я, дарэчы, была не адзіная з вучняў Ардацкай сярэдняй школы (гэта Шклоўскі раён), хто рашуча паследаваў яе прыкладу, — расказвае Валянціна Уладзіміраўна. — І трэба прызнацца, што на працягу ўсяго свайго прафесійнага шляху я ні разу не пашкадавала, што звязала свой лёс з педагогікай.
Можна шмат разважаць аб прафесійным майстэрстве настаўніцы з невялікай вясковай школы, але найбольш красамоўна пра яе, як спецыяліста, кажуць наступныя факты. З 2005 года выпускнікі Чэрнеўскай СШ выбіраць для здачы на цэнтралізаваным тэсціраванні менавіта беларускую мову і паказваюць на іспытах добрыя вынікі. На працягу пятнаццаці апошніх год Валянціна Уладзіміраўна нязменна ўзначальвае раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Пад кіраўніцтвам вопытнага педагога вучні з Чэрнеўкі досыць паспяхова ўдзельнічаюць у прадметных алімпіядах і творчых конкурсах.
Як увогуле зацікавіць дзяцей сваім прадметам? На гэта, здавалася б, няпростае пытанне Валянціна Краўцова дае просты адказ:
— Трэба ісці ў нагу з часам. Сёння для навучання можно эфектыўна выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі. Імкнуцца знаходзіць і выпрацоўваць новыя методыкі выкладання прадмета. Калі раўмова ідзе, напрыклад, пра літаратурны твор, паспрабаваць адшукаць у ім цікавыя вытрымкі, каб заінтрыгаваць вучняў… Адным словам, развівацца і вучыцца разам з дзецьмі.
Такое паняцце, як «прафесійнае выгаранне», ніякім чынам не адносіцца да маёй суразмоўцы. Свайго жыцця без любімай працы, што служыць крыніцай натхнення, яна не ўяўляе. Тым больш, што і муж Уладзімір Анатольевіч і дзве дачкі таксама ахвотна займаюцца педагагічнай дзейнасцю. А ўнучка не без падтрымкі бабулі робіць значныя поспехі ў вывучэнні роднай беларускай мовы — а гэта, бадай, ці не самы галоўны поспех!
Ірына ЦЯЦЕРЫНА