Сімвал нацыянальнай свядомасці. 1 верасня — Дзень беларускага пісьменства
Сёння горад Івацэвічы прымае ўдзельнікаў і гасцей XXXI Дня беларускага пісьменства. У гэтым годзе маштабнае свята праходзіць пад знакам важнейшых для Беларусі дат — 80-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30-годдзя інстытута прэзідэнтства і 30-годдзя прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі насычаную культурную праграму, разлічаную на два дні — 31 жніўня і 1 верасня. Падчас свята пройдуць «Івацэвіцкія чытанні», фестываль кнігі і прэсы, круглы стол з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў, а таксама цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, штатлікія іншыя цікавыя мерапрыемствы і сустрэчы.
Крыху гісторыі. Свята, якое сімвалізуе сабой непарыўную сувязь пакаленняў праз здабыткі беларускай мовы, вылучаючы яе як адметную нацыянальную каштоўнасць, ўпершыню адбылося ў 1994 годзе ў старажытным Полацку — родным горадзе беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны. Потым сталіцамі Дня беларускага пісьменства сталі такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў.
Юбілейны, дваццаць пяты па ліку Дзень беларускага пісьменства ў 2018 годзе прыняў горад Іванава Брэсцкай вобласці. Галоўным лейтматывам святочных мерапрыемстваў стала тэма «Мая малая радзіма».
Праходзіла свята таксама у Слоніме, Бялынічах, Копылі, Добрушы. У мінулым годзе цэнтрам урачыстасцяў ХХХ Дня беларускага пісьменства стаў Гарадок (Віцебская вобласць). У гэтым творчым краі нарадзіўся Канстанцін Вераніцын — аўтар знакамітай паэмы «Тарас на Парнасе», самага папулярнага твора нацыянальнай літаратуры ў ХIХ стагоддзі.
Беларуская мова з’яўляецца старажытнапісьменнай, а гісторыя беларускага пісьменства налічвае не менш за 10 стагоддзяў.
Мова беларускага народа склалася ў XIV-XVI стагоддзях, калі землі сучаснай Беларусі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта ў гэты час у граматах, дзелавой і асабістай перапісцы пачынаюць спарадычна адлюстроўвацца моўныя з’явы, адметная лексіка і фанетыка, якія пазней сталі характэрнымі для беларускай мовы. Старабеларуская мова ВКЛ адлюстроўвала многія моўныя з’явы, характэрныя для гутарковай беларускай мовы, хоць да канца XV ст. яшчэ не адходзіла далёка ад традыцыйных канонаў, якія былі складзены дагэтуль, і была прадстаўлена пераважна юрыдычнымі дакументамі. Да нашага часу дайшло каля 600 кніг Літоўскай метрыкі — дзелавога архіва канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага, дакументы якога напісаны на старыжытнабеларускай літаратурнай мове. Зводы законаў Вялікага Княства Літоўскага (Судзебнік Казіміра Ягелончыка (1468), Статут ВКЛ у рэдакцыях 1529, 1566 і 1588) таксама напісаныя на старабеларускай мове і ўтрымліваюць вялікую колькасць адметнай беларускай лексікі.
У познім XVII — пач. XIX ст. у Рэчы Паспалітай жывая старабеларуская гаворка захоўвалася толькі на беларускіх землях і ў простага народа, да пары — у драбнейшай шляхты. Сацыяльная верхавіна грамадства, выхаваная ў польскай культуры, лічыла беларускую мову наогул непрыдатнай для выкарыстання ў літаратуры. Менавіта ў гэты перыяд беларусы зведалі асабліва моцны націск паланізацыі. Пасля паўстанняў 1830 і асабліва 1863 гадоў паланізацыя, якую праводзілі тагачасныя мясцовая буйная шляхта і каталіцкае духавенства, змянілася русіфікацыяй, якую праводзіў царскі ўрад.
Сучасны этап развіцця беларускай мовы ўмоўна адлічваецца ад пачатку XIX стагоддзя, калі былі зробленыя спробы стварэння літаратурнай мовы на аснове народных гаворак.
Сёння беларуская мова — гэта поўнафункцыянальная мова, якая можа паспяхова абслугоўваць усе камунікатыўныя патрэбы сучаснага грамадства. Яна па-ранейшаму застаецца рэальным сродкам камунікацыі, часткай нацыянальнай культуры, сімвалам нацыянальнай свядомасці.
Падрыхтавала Ірына ЦЯЦЕРЫНА